Янусь Малец

RSS Feed

Зімовая замалёўка

Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

Замяло асфальты, замяло,
Замяцеліла.
Цэлы дзень круціла, і гуло,
І арэліла.
Не было завеі, не было,
І дарвалася!
Як вядзьмарка злая з памялом,
Разгулялася.
І ляцяць сняжынкі, мільгацяць,
Калыхаюцца.
І вурчаць машыны, аж дрыжаць,
Надрываюцца.
І стаяць трамваі, і маўчаць,
Пазбіраліся,
Да акон у гурбах – ледзь відаць –
Акапаліся.

Надыход зімы

Сярэдняя: 4.6 (37 галасоў)

Зіма прыйшла крадком, паціху.
Бялюткай ноч раптоўна стала.
А цішыня – каб хто задыхаў,
Напэўна б, арфай загучала.

Па-над дваром пустынна-светлым
Сняжынкі велічна кружляюць,
I вокны ўспыхваюць прыветна,
I хтосьці ў шыбу выглядае.

Песімістычны верш

Сярэдняя: 4.6 (27 галасоў)

I зноў хлюпоча ля вакон
Дажджыста-шэрая зіма...
Куплю, напэўна, парасон,
Дый ботаў гумавых няма.

Ну і надвор'е, божа мой!
Так ад відна і да цямна.
Ківаю злосна галавой:
Вучоных шмат, а зім няма...

Усе аўтары