Віктар Гардзей

RSS Feed

За акном — снегавеяў дыханне...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

За акном — снегавеяў дыханне.
За акном — маразы і вятры.
Снегіры ў косы вішань світаннем
Заплятаюць істужку зары.

Каля вішань, што ў вэлюме снежным,
Мне выразней малюецца свет —
Новых дум і турбот непазбежнасць
I пражытых гадоў першацвет.

Колькі раз тут заплачуць сумёты
I супыніць Начанка свой бег!
Hi трывогі ў лясах, ні самоты —
Толькі снег, толькі ўспенены снег!

Добры дзень, залацістае ранне!..
Добры дзень, снегавеі, вятры!..
Снегіры ў косы вішань світаннем
Заплятаюць істужку зары.

Пасля завеі

Яшчэ не ацэнена

Пушыста, светла, ціха
На выспах, на балотах.
Завея, як ласіха,
Качалася ў сумётах.

Сярод лясін каравых
Мароз трашчыць нядрэмны,
I з хрустам у суставах
Пацягваюцца дрэвы.

Пад снегам дрэмлюць недзе
Цецерукі ды сойкі,
I лапкі, як мядзведзі,
Пасмоктваюць сасонкі.

З пагоркаў праз лагчыны
Плывуць сумётаў хвалі.
У белыя аўчыны
Яліны твар схавалі.

Усе аўтары