Людміла Воранава
RSS FeedАдчуванне зімы.
Для мяне зіма заўсёды - казка,
Пер’е крышталёвае на шкле,
Гурбы снегу і завеі ляскат,
Што ганяе снег на памяле.
Вецер запрагае хмары ў сані
Едзе па калдобах і трасе -
Снег ляціць кавалкамі, вусамі,
Завісае шапкай на страсе.
Новы год і госцейка ў хаце
З пахам хвоі, лесу і смалы,
Бляск вачэй даверлівых дзіцяці
І дарослы кожны, як малы.
Споведзь прад сабою, таямніцы
І чаканне цудаў у Раство,
Промні Каляды на аканіцах,
Карагоды, песень хараство.
Акунанне ў ледзяной вадзіцы,
Вызваленне цела з кайданоў,
Варажба дзяўчатак на грамніцы
І выццё блукаючых ваўкоў.
Казкі пра казу і ваўкалакаў
На ляжанцы цёплай у сяле
І сляды на снезе розных лапаў,
Елачкі ў лесе, як шале…
Апетыт пасля лыжні, бадзёрасць
Быццам бы змяніў, як заяц, поўсць.
Адыходзяць стомленасць і хворасць -
Вось такія цуды ўзімку ёсць…
© Copyright: Людмила Воронова Супрун, 2016
Свидетельство о публикации №116011906275
Вёска. Нядзеля…І зіма...
Вёска. Нядзеля…І зіма.
(успаміны з дзяцінства)
Таньчаць польку сняжынкі ў акенцы
Пад гармонік завеі губны,
Дзверы скрыпнуць завесамі ў сенцах
Ад марозу…А дзень выхадны...
Цішыня… І бялютка навокал,
Бразг вядра аб калодзезны зруб,
Распластаў крылы дым, нібы сокал,
Ланцужком прывязаў іх да труб.
Чэшуць срэбныя косы бярозы,
У кармушцы сініцы жаўцяць,
На страсе, завушніцамі слёзы,
Крышталёвай надзеяй вісяць.
Снег скрыпіць пад нагамі, лапатай
Робім вузкія сцежкі ў двары,
У руках скача венік заўзята -
Вось дык радасць для нас, дзетвары!
А паснедаўшы, пойдзем на лыжах
Недалёка, у лес, горкі там…
Сустракаў ён нас ветлівай цішшу,
Уваходзіш у яго, нібы ў храм…
Спавядальня, пад дрэвавым дахам,
Ачышчае і цела, і дух...
Гэтым родным і смолістым пахам
Я і зараз лячуся ад скрух…
© Copyright: Людмила Воронова Супрун, 2015
Свидетельство о публикации №115081803200
Вядзьмарка-бура.
Вядзьмарка-бура, што скавычаш?
Клубуеш разам з завірухай...
Ты нагадала сваркі звычай
Былой нявесткі са свякрухай.
Брасчыш і б'еш па шыбах голлем
То імітуеш плач, то рогат,
Віхурай хвошчаш завуголле,
Рыпіш падмёрзлаю падлогай.
Спакою не даеш нікому -
Зламала плот, сарвала брамку,
Штурмуеш зараз сцены дому
І стукаціш у дзверы клямкай.
Ляці, раз'юшаная, ў поле!
І там удосталь наравешся,
Ты, як і ўсе мы, любіш волю.
З двара, як з клеткі, у поле рвешся.
На ранку стомішся, прыціхнеш,
Заснеш салодкім сном у снезе.
І толькі злОманая вішня
Прытулак знойдзе свой на бэзе.
© Copyright: Людмила Воронова Супрун, 2016
Свидетельство о публикации №116011001136
Апошнiя водгукi
2 года 41 неделя назад
4 года 35 недель назад
6 лет 36 недель назад
6 лет 38 недель назад
6 лет 38 недель назад
6 лет 38 недель назад
6 лет 38 недель назад
6 лет 38 недель назад
6 лет 39 недель назад
6 лет 43 недели назад