Адчуванне зімы.

RSS Feed
Сярэдняя: 4.9 (23 галасоў)

Для мяне зіма заўсёды - казка,
Пер’е крышталёвае на шкле,
Гурбы снегу і завеі ляскат,
Што ганяе снег на памяле.

Вецер запрагае хмары ў сані
Едзе па калдобах і трасе -
Снег ляціць кавалкамі, вусамі,
Завісае шапкай на страсе.

Новы год і госцейка ў хаце
З пахам хвоі, лесу і смалы,
Бляск вачэй даверлівых дзіцяці
І дарослы кожны, як малы.

Споведзь прад сабою, таямніцы
І чаканне цудаў у Раство,
Промні Каляды на аканіцах,
Карагоды, песень хараство.

Акунанне ў ледзяной вадзіцы,
Вызваленне цела з кайданоў,
Варажба дзяўчатак на грамніцы
І выццё блукаючых ваўкоў.

Казкі пра казу і ваўкалакаў
На ляжанцы цёплай у сяле
І сляды на снезе розных лапаў,
Елачкі ў лесе, як шале…

Апетыт пасля лыжні, бадзёрасць
Быццам бы змяніў, як заяц, поўсць.
Адыходзяць стомленасць і хворасць -
Вось такія цуды ўзімку ёсць…

© Copyright: Людмила Воронова Супрун, 2016
Свидетельство о публикации №116011906275