Ангеліна Дабравольская

RSS Feed

і акрые зіма белым снегам збалелую душу...

Сярэдняя: 1 (1 голас)

...І акрые зіма белым снегам
Збалелую душу...
На галінах напятых
Абудзіцца снежнае скерца...
І праз цемру
Праблісне спамінам,
Бы гронка рабіны:
Тут
Пакінута
Маё сэрца
...

Ад чыстага ліста, ад белае зямлі

Сярэдняя: 1 (1 голас)

...Ад чыстага ліста,
ад б е л а е з я м л і,
ад светлых крылаў
і душы павіннай -

прыймі, мой Божа,
гэтыя спаміны.

Хай стане ТАК,
як воліш Ты.

Судзі.

Белыя вершы - зімовыя чары і мроі...

Сярэдняя: 3.8 (4 галасоў)

Белыя вершы –
зімовыя чары і мроі.
Белую песню
спявае завея сівая.
Тут, у гэтых вулках,
я сёння згублюся,
зблукаю.
Тут, у гэтых вулках,
я зноўку сябе
адшукаю.
Тут
зразумею нарэшце,
чаму я такая…

Белыя дзверы –
за імі
зімовыя мроі.
Белыя людзі –
у вопратках –
чыстыя душы…
Тут, у свеце гэтым,
я зноў абяцанне парушу.
Там, у свеце тым, -
слова,
урэшце,
стрымаю…
Толькі…
як холадна, Божа,
і як неўтульна…

Душы зблукалыя
вераць у агеньчык
надзеі.
Недзе ля сэрца
цяпельца маленькае
грэе…
Недзе ля сэрца
пад сцюжаю зернейка
спее…
Толькі праз сэрца
яно прарасці
не пасмее…

Значыць –
чакайма вясны
і расталага снегу,
Весняга сонейка,
першае смелай крынічкі,
Першага цёплага ветрыку,
першай нахабнай сінічкі,
Шчырай усмешкі…

…А ведаеш, Божа, –
я ўсё даравала.

Усе аўтары