Ала Канапелька

RSS Feed

Апошні раз заломіць рукі...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Апошні раз заломіць рукі
Маланка ў хмарнай вышыні.
Расой асыпаліся гукі
Безжаўруковай цішыні.

I да сяла сцяжынкай шэрай
Падыдзе досвіткам зіма.
Усім, чым лета адшумела,
Мае распіша вокны шэрань
Загадкай белага пісьма.

Ган-но!

Сярэдняя: 3.9 (8 галасоў)

Ган-но! —
Блукае няўцешнае рэха.
— Ган-но! —
Гукаюць, шукаюць вятры.
Снегам занесены сонныя стрэхі,
Моракам скутыя дрэмлюць двары.

Снегам расстання халодным, зімовым
Шлях перамецены —
шлях да вясны.
Ганно, ты ж ведаеш тую замову,
Каб адышлі непрабудныя сны.

Ты іх пашлі на бягучыя воды,
Ты іх на лозы сухія пашлі.
Ранняй вясною ў барвах усходу
Зноўку пратрубяць Яго жураўлі.

...Зорка ўзыходзіць над сцюжай, над снегам.
Памяць жывою рабінай гарыць.
— Ган-но! —
Палескае коціцца рэха.
— Ган-но! —
Гукаюць над светам вятры.

Цяпло снягоў...

Сярэдняя: 4 (1 голас)
Цяпло снягоў
He зроўніцца з цяплынню
Вясновае ці летняе пары.
Але я ўдзячна гэтай белай стыні
За той — сярод снягоў — душы парыў
Да шчасця,
                  сонца,
                            чыстага світання...
Завейных зім калючае святло.
I ёсць яму на свеце апраўданне —
Тваё каханне, белае вясло.

Усе аўтары