Леанід Яўменаў

RSS Feed

Белае бязлюддзе

Сярэдняя: 2.5 (2 галасоў)
                     Уладзіміру Гоманаву

Стомлены сівер,
Бы даўняга памяць,
Недзе зашыўся
У гурбах
І спіць,
Сумна гудуць
Правады над палямі –
Стынуць 
У белым бязлюддзі
Слупы.

Вёскі – у снезе
Як не па дахі.
Бы вачаняты
Дзяцей-немаўлят,
Трохі з надзеяй
І трохі са стахам
Зіркаюць
Вокны старожкія 
Хат.

Просяць,
Скаваныя
Лютасці белай,
Літасці ў неба
Бяроз гальнікі.
Сэрца тугою нязнанаю
Цвеляць
Снежнай самоты
Наўсцяж
Цалікі…

Дзіўныя малюнкі

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Шапкі снегавыя
Перад сцюжай
На ілбы насунулі
Стагі,
Збіліся
Пад стоенаю грушай
Хітрыя заечыя сляды.

Сыпле зранку
Зледзянелым шротам –
Гурбы высяцца,
Нібы стаўпы.
Крэкча плот,
Рыпяць,
Як драч,
Вароты,
Стогнуць
Тэлеграфныя слупы.

Здубянелы вецер
Між сумётаў,
Як няўлежна,
Раптам зазлуе,
Так яліну страсяне
З налёту,
Снежны пыл
Пасыплецца з яе.

А яна мядзведзіцаю лютай
Зараве –
Пад сэрцам засвярбіць,
Пашматуе ледзяныя путы,
Грозна ўскіне гнеў свой
На дыбы.

Маразы у заінелых вулках
Туляцца
Па вёсках, гарадах
І выводзяць
Дзіўныя малюнкі
На застылых шыбах
Па начах.

Зіма

Сярэдняя: 3.8 (4 галасоў)

Яна,
Яшчэ зусім нясмелая,
такую б на руках панёс,
Прастуе,
Як лябёдка белая,
Углыб душы,
Углыб нябёс.

Бярозы
Марамі спрадвечнымі
Імкнуць, бы выраі,
Удаль,
Сплываюць крыўды
Чалавечыя,
Нязгасны аціхае жаль.

Уночы зоры зіхатлівыя…
І спеў здалёк
Аб дабрыні, –
Пачуцці радасці
Гуллівае
Буяюць,
Толькі закрані.

І сэрца сэрцу
Адгукаецца,
І шчасце –
Сонцам з-пад павек:
Здаецца,
Кожны нараджаецца
Ізноў на свет
Як чалавек.

Усе аўтары