Анатоль Шушко
RSS FeedАлей зімы
Дзень
Густая бель. Сняжыніцца абшар.
Ты аблавушкаю бароніш вочы.
Як студзіць студзень шчок нявінных жар!
З маіх абдымкаў выкрасці ахвочы
Твой лёгкі стан, упарты вецер дзьме.
З-пад капытоў іскрыцца пошчак звону.
I растае на вуснах смелых смех,
Упершыню зазнаўшы хмельнасць гону.
Пяюць вясельна струны-палазы.
Хоць і шкада, што я — дружок, ты —
дружка,
А сарамліва ўдзячнае слязы
Ніякі снег ужо не зацярушыць.
Вечар
Аціхла свята. Вобмаль гаманы.
Прыкленчыў ветах у старой буслянцы.
Дакляравалі, пэўна, бацяны
Прытулак сціплы без празмерных санкцый
Іх даўгалыгай годнасці. Сяло
Даразмаўляе клямкамі зычліва.
I мірна пад галубчыным крылом
Буркую голуб, як жаніх шчаслівы.
Мароз люцей. Ды развітання час
He здоўжыцца каля маркотных вокнаў,
Бо ой як хутка паўшчувае нас
Тваёй матулі асцярожны вокліч.
Ноч
Дух казытлівы рошчыны. Адзін.
Утульна цішыні ў роднай хаце.
А не да сну, хоць змроку балдахін
Даўно ўжо акаліў святла суладдзе.
Я знаю: поруч мы ў гэту ноч,
Хай невідочная твая прысутнасць.
Ты толькі мрой салодкіх не суроч,
Пачуй іх найвыразнейшую сутнасць.
Бо шчэ ля сэрца рук тваіх цяпло.
Гарыць гарачых пацалункаў цнота.
Яшчэ гучыць непрадузятых слоў
Адданасці няўрымсная пяшчота.
Раніца
У шыбінах вяргіні зацвілі.
Ліловых зор ліхтарыкі згасаюць.
Панурасць азалелую зямлі
Зноў сонца адагрэць спяшае з гаю.
Шчырэе ўсмешкай мілы краявід.
Свярбіць вухналь у капытах няйначай.
Ой, мабыць, хмель заблытаўся ў крыві,
Што пранік шпарка па суседу скача.
...Ці спала хоць калі маё сяло?!
Хутчэй бы позіркам спаткацца нашым.
Мо трызніў я? «Але ж было... Было», —
Ты зноў адкажаш.
Апошнiя водгукi
2 года 41 неделя назад
4 года 35 недель назад
6 лет 36 недель назад
6 лет 38 недель назад
6 лет 38 недель назад
6 лет 38 недель назад
6 лет 38 недель назад
6 лет 38 недель назад
6 лет 39 недель назад
6 лет 43 недели назад