Эдуард Акулін

RSS Feed

Зіма

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Рукі, як адхуканыя птушкі,
для якіх кішэні сталі гнёзды.
Вецер рой сцяжынкавы загушкаў.
Вуллі хат — мішэні для Марозу.

Нібы ў лёд, у высі ўмерзлі зоркі.
Заўтра Богу доўга высякаць
Панядзелка крыгу, каб Аўторак
сваё месца ў небе мог заняць.

Ліс

Сярэдняя: 3.8 (6 галасоў)

Пунсовы ветразь плыў па лесе…
Нібыта свечка па сутонні.
Пунсовы ветразь – ліс на снезе,
агонь блукання на прыволлі.

Плыві, прыгожы, покуль вецер
тваіх слядоў не пакідае,
і абмінуць здалей дасвецце,
дзе лёс-ганчак цябе чакае.

Туман у снежні...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Туман у снежні –
варажба...
Ці насланнё,
ці адзінота?
Ён першы снег не зневажаў.
Ён проста быў, як я, маркотны.

Ён проста крочыў наўздагад
і пераблытаў поры ў годзе...
Туман, табе я сёння рады –
ты мой таварыш па самоце.

Усе аўтары