Заінелая Ушаччына

RSS Feed
Сярэдняя: 4.2 (14 галасоў)

Петрусю Броўку

Што хукаеш, раніца,
рукі пакрэплі?
Ачахлым вугаллем
на бальшаку
Снег лёгка вызвоньвае.
Крэкчацца грэблі.
Смачна,
як свацці пасля першаку.
Аглухлі бары
ад зімовай сумоты.
Кігіканне кнігаўкі
сніць сенажаць.
Алешнік?
А можа, аленяў сумёты
Прыспалі?
З'інелыя рогі дрыжаць;
Збляднелы, стаміўся
ў набегах на бераг
Завеі ўчарашняй
адчайны прыліў.
Дымяцца вярбіны
на вогнішчах белых,
Нібыта іх заяц-бяляк падпаліў.
Як зарыва ўспыхне,
на вуліцах белых
Міліцыянера
барвовы твар.
Спавіты вяроўкамі,
белы кубелак
На белых развалках
вязуць на базар;
Валёнкі не грэюць.
Кажэрка злубела —
На торг сабіралася
цётка да дня.
Хоць вочы заплюшчы —
так холадна-бела,
I белыя-белыя
вейкі ў каня.
Пытаецца аб надзеле ў нядзелі,
Ці многа ёй выдзеляць сонца,
зямля.
На яблынях галкі
азябла датлелі.
У чорных праталках
бяроз аралля.
Базар не чакае —
пасёлку не спіцца,
Дзень ціха ступае
сцяжынай глухой.
I ластавак гнёзды,
нібы рукавіцы
Забытыя,
стынуць пад белай страхой.
Пад полазам белым,
з'інелай падковай,
Галінкай азяблаю
крохне —
хрусь,
Як яблык, крамянае
і хрупаткое
Слова марознае: «Беларусь».